Павел Баркоўскі

Ёсць у Арыстафана такая камедыя. “Радніцы”, або “Жанчыны ў народным сходзе”. Яна з’яўлялася відавочнай сатырай і гумарыстычным “простым” адказам на складаныя пытанні тагачаснай афінскай палітыкі. Афінскія жанчыны на чале з Праксагорай прыйшлі, пераапранутыя мужчынамі, на народны сход свайго поліса і, абвінаваціўшы ў карупцыі існую ўладу, прапанавалі перадаць усе паўнамоцтвы жанчынам. У якасці аргументаў высунуўшы такія сведчанні, што жанчыны маюць належны досвед як эканомкі і скарбнікі ўласных гаспадарак, яны больш працавітыя, лепш шануюць традыцыі, больш здатныя апякацца над войскам як добрыя маці і памнажаць супольны дабрабыт як дасціпныя гандляркі. Гэтая, і наступная камедыя “Лісістрата” былі спробай Арыстафана праз камічныя сродкі паказаць, што ў сітуацыі, якія падаюцца безвыходнымі: бясконцыя войны і няздольныя кіраўнікі-срэбралюбцы, — простым людзям застаецца пакладацца толькі на дапамога багоў… ці жанчын. Якія вырашаць тыя праблемы па-свойму, але эфектыўна.

У сучаснай Беларусі эскалацыя вакол будучых прэзідэнцкіх выбараў пазбылася звычайнай афарбоўкі змагання аўтарытарнай ўлады з раз’яднанай апазіцыяй і набыла новае аблічча. Аксамітнай гендэрнай рэвалюцыі. Бо сваімі дзеяннямі па нерэгістрацыі моцных альтэрнатыўных кандыдатаў і пакіданнем ў якасці рэальнай альтэрнатывы дзейнаму прэзідэнту адно кандыдаткі жанчыны – Святланы Ціханоўскай, якая паводле ўласнага прызнання пайшла на такі крок адно праз любоў да мужа і жадання падтрымаць яго справу, улада зрабілі ўсё магчымае для раптоўнага ўварвання “жаночага фактара” ў беларускую палітыку. Беларускае палітычнае і каля-палітычнае поле традыцыйна выглядала пераважна патрыярхальным: усе цэнтральныя асобы як з боку дзеючай ўлады, гэтак і апазіцыі былі пераважна прадстаўленыя мужчынамі. Жанчыны траплялі ў гэтую палітыку звычайна на другія ролі і разглядаліся або як неабходны гендэрны баланс — фактычнае прадпісанне прэзідэнта Беларусі пра жаночую квоту ў 30% у нацыянальным сходзе і асобныя жанчыны-міністры на пэўных “жаночых” напрамках дзейнасці, – або як несамастойныя фігуры, “захавальніцы” месцаў — тых жа лідараў партый. Таму і стаўленне да жанчын-кандыдатак на вышэйшую пасаду ў палітыкуме было дастаткова скептычнае, перадусім ў самога дзейнага прэзідэнта, што аспрэчваў здатнасць жанчыны займаць вышэйшую пасаду, пачынаючы яшчэ з 2011 г.: “Это мужская профессия, чисто мужская, не надо вам в эти президенты лезть, это беда, это горе, не дай Бог”, і паўтарыў гэта іншымі словамі ў кампаніі гэтага году.

Сумесная заява штабоў незарэгістраваных кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі Віктара Бабрыкі, Валерыя Цэпкала і зарэгістраванай прэтэндэнткі Святланы Ціханоўскай пра аб’яднанне дзеянняў і супольнае змаганне за справядлівыя выбары было абстаўлена як жаночы прарыў у палітыку. Прадстаўнікамі трох штабоў з’яўляліся менавіта жанчыны, свае дзеянні яны пазіцыянавалі як жаночую ініцыятыву і альтэрнатыву, наўмысна супрацьпаставіўшы свой імпэт ладзіць супольную барацьбу немагчымасці мужчын-палітыкаў дамовіцца і аб’яднацца  дзеля дасягнення супольнай мэты. І ў тым ліку як змаганне за свае канстытуцыйныя правы. Цікавостка гэтага кроку менавіта ў абвостраным “гендэрным” пытанні, бо падобная супольная заява стварае неадпаведны імідж для аўтарытарнай ўлады як прыгнятальніцы і барацьбіта адмыслова супраць жанчын, чаго яна натуральна на ўзроўні рыторыкі пазбягае, мабілізуе немалы гендэрна арыентаваны электарат і стварае схаваную дыхатамію “дурной” мужчынскай” і “добрай”  жаночай палітыкі. Відавочная рацыя гэтага кроку — ягоная нечаканасць і зрыў шаблона для звычайна прадказальных беларускіх электаральных кампаніяў, ламанне “мачысцкіх” схем паводзінаў аўтарытарнага рэжыму.

Але галоўнае нават не тое, ці будзе мець сам па сабе эфект такі крок беларускіх жанчын-палітыкаў ў электаральнай кампаніі 2020 г. Галоўнае, што мы назіраем паўстанне той альтэрнатыўнай публічнай сферы, пра якую амерыканская даследчыца Нэнсі Фрэйзер пісала, што яна сабой ўяўляе “паралельныя дыскурсіўныя арэны, дзе члены падуладных сацыяльных груп ствараюць і распаўсюджваюць альтэрнатыўныя дыскурсы, для таго каб сфармуляваць апазіцыйныя інтэрпрэтацыі сваіх ідэнтычнасцяў, інтарэсаў і патрэбаў”. Доўгі час ігнаравання жаночага фактара ў беларускай палітыцы вядзе да абурэння і паўставання новых дыскурсіўных практык, дзе беларускія жанчыны спрабуюць адваяваць сваё месца ў “вялікай палітыцы” і права на сваё бачанне таго, як мусіць ажыццяўляцца яе стыль і тактыка вядзення. Гэта яшчэ не зусім фемінісцкі праект, але можа быць першай хваляй эмансіпацыйнай рыторыкі і практыкі ва ўсходнееўрапейскай публічнай палітыцы. Няхай пакуль што ён і ўспрымаецца большасцю бы дзівацкі lopadotemachoselachogaleokranioleipsanodrimhypotrimmatosilphioparaomelitokatakechymenokichlepikossyphophattoperisteralektryonoptekephalliokigklopeleiolagoiosiraiobaphetraganopterygon.


Фото: сцена з выставы Арыстафана “Радніцы” (джерело: hfc-worldwide.org).