Павел Баркоўскі

12 сакавіка 2020 г. на постсавецкай прасторы адзначалі не толькі дзень Касманаўтыкі. У межах чарговага каляндарнага цыкла вернікі-каталікі і пратэстанты святкавалі Вялікдзень, у той час як іх праваслаўныя браты і сёстры адзначалі Вербніцу. Гэтая звыклая штогадовая падзея ў гэтым годзе азмрочылася пандэміяй Covid-19. Наступствам эпідэміі стала тое, што не толькі палітычныя ўлады пайшлі на беспрэцэдэнтныя захады па ўвядзенні абмежаванняў грамадскага і эканамічнага жыцця, але да падобных па інтэнсіўнасці захадаў далучыліся іерархі сусветных рэлігій, і перш за ўсё хрысціянскіх цэркваў.

Раней, у тыя часы, калі Бог яшчэ “не зрабіўся показкай” і меў грамадскі аўтарытэт, звыклай справай ва ўмовах войнаў ці масавых эпідэмій было шукаць парады і паратунку менавіта ў рэлігійнай сферы — шматлікія храмы, абразы, святыя месцы рабіліся цэнтрам паломніцтваў і пунктам канцэнтрацыі спадзяванняў на дзівоснае ўратаванне чалавецтва. Сотні і тысячы прынесеных дарункаў і пацалаваных святыняў, мільёны прачытаных малітваў і акрапленняў святой вадой — такім быў досвед застрашанага чалавецтва. Гэтакія спадзяванні на боскае дзіва грунтаваліся на светапоглядзе чалавека, у цэнтры якога заставалася вера і пакладанне свайго лёсу ў рукі трансцэндэнтнага, звышчалавечага. І гэта вера ішла насуперак рацыянальным парадам палітыкаў ці дактароў, навукоўцаў ці ліберальных журналістаў. Яна спрычыняла ўяўленне пра тое, што некаторыя рэчы людзі кантраляваць не ў стане і пазбавіць іх ад пагрозы можа толькі звышчалавечы Розум.

Сёння свет аб’ектыўна змяніўся. Не праз чарговую пандэмію, а праз карэнную змену светапогляду. Тое, што дэманструе сённяшняя рэакцыя вернікаў і рэлігійных уладаў на эпідэмію каранавіруса, дазваляе атрымаць фактычнае і эмпірычнае пацвярджэнне словам Ніцшэ: “Бог сапраўды памёр!” Памёр як грамадскі аўтарытэт і каштоўнасць, і яго ўжо не ратуюць рытуальныя воклічы пра ўваскрослага Хрыста. Фактычна па ўсёй Еўропе зачыняюцца цэрквы і храмы для наведвання прыхаджанамі праз эпідэміялагічную пагрозу, рымскі Папа чытае сваё блаславенне і самотна праводзіць малебен за пазбаўленне ад навалы на пустым пляцы Вацікана. Чым фактычна прызнае нямогласць слова вярхоўнага каталіцкага пантыфіка супраць хваробы, што раней заўжды лічылася выпрабаваннем ці пакараннем Божым. Вернікам-католікам раіцца знаходзіцца пад час усяго святочнага тыдня на самаізаляцыі і бацькам-сямействаў бласлаўляць велікодны хлеб і яйкі наўзамен святароў.

Апафеозам падобнага стаўлення каталіцкай царквы да эпідэміі для мяне асабіста сталіся словы Старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на прэсавай канферэнцыі 7 красавіка: “Я не хачу ўваходзіць у рашэнні дзяржаўных уладаў, але… у нас ёсць шмат пытанняў. Бо была Пальмовая нядзеля, мы асвячаем вербы. Я не спецыяліст у гэтай справе, я не ведаю, ці гэтая вада нясе з сабой заразу, ці не. У суботу трэба будзе асвячаць пасхальную ежу — я таксама не ведаю. Я запрасіў <міністра на малітву — рэд.>, каб задаць пытанне Міністэрству аховы здароўя: „Што мы павінны рабіць? Чаму вы нічога не кажаце?!“ А цяпер — сітуацыя: галоўны іерарх памеснай царквы звяртаецца да галоўнага медыцынскага чыноўніка краіны за парадамі, што мусіць рабіць Касцёл у часе пашырэння эпідэмічнай пагрозы. Больш за тое, ён выказвае сумненне ў тым, што святая вада нясе ацаленне і збаўленне вернікам, а не з’яўляецца сродкам распаўсюду інфекцыі. Што гэта, як не эрозія ўяўленняў пра месца рэлігіі ў жыцці грамадства, пры чым сярод тых, хто гэту царкву ўзначальвае? Але што з таго, спытае той, хіба не добра, што Касцёл заняў нарэшце рацыянальную пазіцыю?

(працяг будзе)


Фота: Папа рымскі Францыск прамаўляе блаславенне Urbi et Orbi на плошчы св. Пятра ў Вацікане, 27 сакавіка 2020 г. REUTERS — GUGLIELMO MANGIAPANE