Можна хваліць арцыбіскупа Кандрусевіча і іншых іерархаў Касцёла за сацыяльную адказнасць, за жаданне скаардынаваць высілкі грамадскага інстытута Царквы з іншымі сферамі грамадства, за непакой наконт здароўя і жыцця простых людзей, але… Гэта відавочны сімптом таго, што месца веры ў нашым светапоглядзе насамрэч страчанае. Не святое слова, малітва ці Боскі цуд мусіць несці збаўленне і ацаленне хрысціянам, але каранцінныя захады, эпідэміялагічныя мерапрыемствы і сацыяльная палітыка дзяржавы. Большасць вернікаў на ўслед за іерархамі практычна пагаджаюцца, што сёння яны ў сваіх перакананнях не надта лепшыя за рэканструктараў-талкіеністаў, якіх суворы свет з яго эпідэміямі ці крызісамі злёгку выціскае з іх фантастычнага рэжыму існавання назад у панылую рэальнасць. Можаце верыць, пакуль перад вамі не паўстане сапраўдная пагроза смерці! Тады адкідайце свае забабоны і рабіце ўсё як належыць адпаведна слову Навукі. Так сёння, як некалі адзначаў Пол Фаерабенд, Навука заняла месца Рэлігіі.
Усё гэта можна было б спісаць на секулярысцкія тэндэнцыі ў Рыма-каталіцкай царкве, на эрозію веры пасля 2 Ваціканскага сабору, што ўзняў рэй за ўзнаўленне і мадэрнізацыю Касцёлу, але нешта падобнае адбываецца і па ўсім іншым свеце. Патрыярх Рускай Праваслаўнай Царквы Кірыл правёў набажэнства ў Храме Хрыста-Збаўцы ў Маскве у адсутнасць вернікаў “праз патрабаванне санітарных уладаў” горада. Пры гэтым яшчэ на агульным фоне Праваслаўная Царква застаецца ледзьве не апошнім прытулкам для чыстае веры, бо здзяйсняе такія ірацыянальныя для большасці грамадзян хады як, прыкладам паветраны хросны ход над Мінскам і Беларуссю, а наўздагон над Талінам і Новасібірскам, працягвае палітыку адчыненых дзвераў у храмы ў большасці рэгіёнаў. Так, пазіцыя дваістая: з аднаго боку, гатовая падначаліцца палітычным захадам уладаў, з іншага — рытуальна ці шчыра працягваючы спадзявацца на выратавальную моц веры.
А што з іншымі канфесіямі? Мусульманскія ўлады Саўдаўскай Аравіі, якія гістарычна паядноўваюць палітычныя і рэлігійныя функцыі, з канца лютага 2020 г. зачыняюць месцы святога паломніцтва- хаджу для мільёнаў мусульман з усяго свету: як Меку, гэтак і Медыну. У сусветнай прэсе з асуджэннем абмяркоўваецца выпадак “31 пацыента” ў Паўднёвай Карэі, дзе рэлігійнасць жанчыны, удзельніцы рэлігійнай секты, і яе нізкая сацыяльная адказнасць абвяшчаюцца галоўным фактарам выбуховага характару пашырэння эпідэміі ў гэтай краіне. Што для постсавецкага чытача можа з лёгкасцю нагадаць слынныя радкі паэта Ўладзіміра Маякоўскага з паэмы «Кому и на кой ляд целовальный обряд” — выбітны узор мастацкага антыцаркоўнага агітпропу 1920-х гг.: “Крестьяне, коль вывод не сделаете сами — вот он: у образо́в не стойте разинями, губой не елозьте грязными образа́ми, не христосуйтесь — и не будете кобылогубыми образинами”.
Усё гэта падводзіць да агульнай канстатацыі, што сучасныя людзі напраўду не бачаць рэлігійныя інстытуты ў якасці сродку сацыяльнага выратавання, а веру як рэцэпт пазбаўлення ад страху заражэння і смерці. Што царква — гэта апошняя месца, куды скіроўваюць свае вочы ў пошуках выратавання мільёны ды мільярды людзей. Куды больш спадзяванняў ускладаючы на эпідэміёлагаў, вірусолагаў і іншыя адпаведныя службы ці навукова-даследчыя інстытуцыі. Гэта дыягназ сучаснага пост-рэлігійнага грамадства, які засведчыла каранавірусная пандэмія. Пасля 120 год ад смерці Ніцшэ можна з дакладнасцю пацвердзіць ягоныя словы: для большасці сучасных грамадстваў Бог сапраўды памёр!
Сёння модна прагназаваць, якім зробіцца свет пасля завяршэння пандэміі. Адное можна сказаць дакладна: шмат каму давядзецца моцна пераглядаць сваё стаўленне да рэлігіі заміж бяздумнага выканання яе рытуалаў. І гэта можа пайсці не на карысць усяму інстытуту арганізаванай Царквы ў сусветным маштабе.
Фота: Плошча св. Пятра ў Вацікане, 27 сакавіка 2020 г. — ANSA