“Сацыяльны свет — пісаў Карнеліюс Кастарыядыс — у кожным асобным выпадку сфармаваны і структураваны ў залежнасці ад сістэмы падобных значэнняў і, аднойчы паўстаўшы, тыя існуюць у поле фактычнага выабражанага (або ўяўленага). І толькі зыходзячы з гэтых значэнняў мы можам зразумець як выбар сімвалаў, найперш інстытуцыянальных, гэтак і мэтаў, якім грамадства падпарадкуе «функцыянальнасць»”.
Сёння ў Беларусі мы можам назіраць, як пласты “сацыяльнай магмы” зрушылісь і новае выабражанае поле перакадзіруе актуальныя грамадскія дыскурсы. Тое, што кампанія прэзідэнцкіх выбараў адбываецца надзвычай інтэнсіўна ў краіне, дзе выбары доўгі час з’яўляюцца элементам сістэмы імітацыйнай дэмакратыі, ужо звяртае ўвагу. Тое, што гэта суправаджаецца фонам глабальнай пандэміі і эканамічнай рэцэсіі, якая захапіла сусвет, безумоўна дае падставы для радыкалізацыі грамадскіх настрояў. Але не гэтак варты ўвагі надзвычайны палітычны актывізм ці з’яўленне новых альтэрнатыўных кандыдатаў, як іншы істотны момант.
Упершыню пераважна змянілася грамадская рыторыка і адбылася істотная пераканфігурацыя сімвалічных уяўленняў беларускіх грамадзян. Гэта можна ўбачыць, прынамсі, паводле змены трох прынцыповых сацыяльных кадоў. Па-першае, для большай часткі выбаршчыкаў знікла адвечнае рытарычнае пытанне “Калі не ён, тады хто?” Рэйтынгі апазіцыйных палітыкаў патраплялі ў статыстычную хібу і не стваралі для большасці рэальную альтэрнатыву ўладзе. Цяпер жа пачынаюць гучаць новыя імёны і шмат хто з грамадзян схіляецца да крэда: “Хто заўгодна, але не ён!”
Па-другое, з поля грамадскай думкі знікае сакраментальнае: “Хай выбары фальсіфікуюць, народ усё адно за Яго”. Наўзамен якому прыходзіць стаўшае мемам выражэнне “3 адсоткі”. Менавіта такая доля насельніцтва паводле шэрагу інтэрнет-апытанак падтрымлівае вярхоўную ўладу. Не тое, каб яна хаця-калі ў інтэрнэце перамагала, але ніколі грамадскі кансенсус не схіляўся так прынцыпова да таго, што “Народ супраць”. Пры прыгнечаным стане сацыялогіі ў краіне, гэтаму застаецца толькі верыць, ды для сацыяльнага выабражэння – яно неістотна. Галоўнае, ментальна памяняўся цэнтр сілы. А маўклівая большасць заўжды перакідаецца на бок сілы, хто б не заявіў сябе з пазіцыі гегемоніі.

Па-трэцяе, паступова знікае яшчэ адзін папулярны выраз “Беларускаму грамадству змены непатрэбныя, яно за стабільнасць”. Цяпер у Беларусі, як ніколі раней, зноў звышпапулярным робіцца вядомы хіт групы “Кіно”. Людзі актыўна пачынаюць выказваць сваю пазіцыю, абурэнне не толькі ў інтэрнэце, але на вуліцах, на камеры журналістаў. Шмат раней апалітычных актыўна палітызуецца, апатычнае стаўленне да ўдзелу ў працэдуры саміх выбараў змяняецца на рыхтоўнасць ісці на выбарчыя ўчасткі.
Безумоўна, можна бачыць у такіх уяўленнях самападман палітызаванай часткі беларускага соцыюма, але свае назіранні кожны можа зрабіць сам. Зрэшты, і афіцыйныя сацыялагічныя службы згаджаюцца з нізкімі лічбамі даверу грамадзян да ўладных інстытутаў, і вонкавыя назіральнікі прыходзяць да падобных лічбаў, працуючы з big data — дадзенымі аўдыторыі папулярных сацсетак — гэтым паноптыкумам сучаснага сацыяльнага. Калі нават яны шчыра памыляюцца ці робяць наўмысныя “ўкіды” — то гэта зноў добра ўкладаецца ў трэнд пераканфігурацыі сімвалічных структур выабражэння: грамадству транслюецца новы message “легітымнасць уладаў падарваная, за яе меншасць”. І хаця ўлады будуць працягваць ужываць звыклыя гвалтоўныя метады, рэпрэсіі, запалохванні апанентаў, іх шальмаванне — эфект гэтых дзеянняў цяпер іншы, часам супрацьлеглы. Людзі схільныя верыць у тое, у што вераць, і зараз мы маем унікальную сітуацыю, калі збольшага гэту веру, выглядае, падзяляюць абодва бакі традыцыйнага супрацьстаяння. Застаецца назіраць, чым можа завяршыцца гэта барацьба на ўзроўні сімвалічнага, бо менавіта тут праходзіць лінія перамогі.

Можна было б называць усё гэта паводле агульнага фона — “чумной рэвалюцыяй”, схільныя да патасу абвяшчаюць гэта “рэвалюцыяй надзеі”. Але de facto мы маем рэвалюцыю сацыяльнага выабражэння. І вынікам падобнай імагінатыўнай рэвалюцыі будзе тое, што беларускае грамадства больш не зможа вярнуцца на старыя рэйкі. Рэвалюцыйны транзіт ў Беларусі пачаўся, бо людзі істоты сімвалічныя і рэальнасць звыкла падганяюць пад сімвалы. І неістотна, што пра гэта думае сама рэальнасць.
Фота: адна з ўдзельніц акцый салідарнасці ў цэнтры Мінску © tut.by
Постэр сацыяльнай рэкламы
Фрагмент к/ф “Асса” з фінальнай песняй В. Цоя “Перемен”