Звычайна людзі жывуць у сітуацыі нармальнасці. Нармальнасць складаецца з пабытовых звычак і маральных ці заканадаўчых норм, якія ўбудаваныя ў сацыяльнае цела чалавека. Гэта нармальнасць паўсядзённых практык стварае для чалавека прадказальны парадак жыцця і дазваляе весці камунікацыю з іншымі, яму падобнымі людзьмі – сямейнікамі, суседзямі ці мінакамі на вуліцы – праз сукупнасць канвенцыянальных правіл, якія знаходзяцца пераважна ў рацыянальнай плашчыні. Уласна пра гэта шмат напісана ў Альфрэда Шутца. Але здараецца так, што людзі выводзяць сябе па-за межы ўсялякіх канвенцый і правіл. Напрыклад, у стане алкагольнага ап’янення чалавек схільны ігнараваць многія самазразумелыя для яго нормы і правілы, якія рэспектуюцца ў штодзённым жыцці. І потым, у залежнасці ад выхавання, можа адчувацца пакутлівы сорам, няёмкасць ці боль за зробленае пад час гэтага “надзвычайнага становішча”, калі ўчынкі не кантраляваліся як звычайна цвярозай развагай. Нярэдка адзінымі лекамі ад пачуцця сораму ці знявагі для такога чалавека застаецца працягваць абрынацца ў той самы стан, цалкам пазбыўшыся ў псіхадэлічным дэлірыі адказнасці за сваё заўтрашняе жыццё. Гэта ж можа адбывацца і ў тых выпадках, калі чалавекам апаноўвае безвыходнасць і адчуванне бессэнсоўнасці жыцця, бесперспектыўнасць любых учынкаў. Норма працуе там, дзе чалавек бачыць сваю будучыню асэнсавана як пэўны праект, што вядзе яго ад мінулага да новых здзяйсненняў і мараў: дзе няма будучыні, норма страчвае сэнс.
Канешне палітычны суб’ект, асабліва ў пазіцыі суверэна не можа быць цалкам атаесамлены з звычайным чалавекам, асабліва ў яго псіхічнай структуры. Але, калі казаць метафарычна, то такім станам ап’янення і татальнага парушэння нормы для палітыкі з’яўляецца пераход у надзвычайнае становішча. “Надзвычайнае становішча, – водле Джорджыа Агамбена, – з’яўляецца не хаасам, што папярэднічае парадку, але сітуацыяй, якая ёсць вынікам часовага спынення парадку”. Суверэнная ж улада як раз тая інстанцыя, якая здольная тое надзвычайнае становішча абвяшчаць, спыняючы дзеянне законаў і нормаў. Горш, калі яна гэта робіць сістэматычна, яшчэ горш, “калі ёй часам не да законаў” (а насамрэч, цалкам не да іх!), як было заяўлена Аляксандрам Лукашэнка ў жніўні мінулага года. У надзвычайным стане, калі нават ён не дэкларуецца адкрыта, дзяржава пачынае існаваць у рэжыме, дзе маральныя і прававыя парадкі больш не могуць працаваць адмыслова, а брутальныя ўчынкі больш не з’яўляюцца прававым эксцэсам, фармуючы новую анты-норму. Рэпрэсіі супраць іншадумцаў ці катаванні палітычных супраціўнікаў – аномія звычайнага права і некамільфо традыцыйнага палітыкума, – у сітуацыі надзвычайнага становішча ператвараецца ў стыль існавання і крэда ўлады. Асабліва, калі сваю будучыню яна ўяўляе вельмі цьмяна.
Увядзенне надзвычайнага стану – вялікая спакуса для суверэннай улады, бо дазваляе ёй больш не трымацца нават сабой прынятых нормаў, гэта разнявольвае і дае адчуванне велізарных магчымасцяў. Прыблізна падобнае ўздзеянне на чалавека аказваюць ударныя дозы алкаголю: разнявольваюць і здымаюць напружанне ўнармаванага жыцця. Але што робіць разняволеная ўлада, калі разумее, што пачуццё ўсемагутнасці і кантролю над сітуацыяй яна можа захоўваць толькі пры захаванні надзвычайнага стану? Яна ператвараецца ў хранічнага алкаголіка, што падвышае градус “надзвычайшчыны” – і спачатку звыкла здзекуецца з хатніх (ранейшай “любімай”, што захацела сысці да іншага, і дзяцей ад яе), а потым пераключаецца на суседзяў, якіх натуральна абураюць крыкі і гукі ўдараў праз сценку. Улада, якая прайграе выбары і разумее, што страчвае сваю легітымнасць у вачах бальшыні, мяркуе, што захаваць ранейшую пазіцыю можна толькі адмяніўшы той парадак, у межах якога яна зазнала паразу. Калі любові больш няма, яе можна паспрабаваць “вярнуць” праз пабоі і здзек, калі не яе, дык хаця б яе імітацыю і пакору.
І вось з гэтага моманту пачынаецца класічны палітычны дэлірый, які ў кожнага суб’екта, праўда, адбываецца па-рознаму. Калі ўзяць выпадак беларускага суверэна, то спачатку ён брутальна разганяў і катаваў сваіх грамадзян, ажно пакуль да распаленых алкаголем гвалту і надзвычайных мер мазгоў не дайшоў памер зробленага: што пасля такога не даруюць. А значыць трэба падвысіць дозу і пачаць знішчаць усё тое, што асацыявалася з нармальным жыццём: вулічныя кавярні і крэатыўныя прасторы, арганізацыі, што клапоцяцца пра птушак ці правы інвалідаў, а таксама нармальныя медыя, якія можна чытаць без пачуцця эстэтычнага шоку. Можна знішчаць інстытут незалежнай адвакатуры, можна так змяняць прынцыпы адміністратыўнага права, каб несанкцыянаваным пікетам было нават апрананне чырвонага шаліка на белую куртку, можна даваць шматгадовыя тэрміны зняволення толькі за надпіс на асфальце. Бо гэта права дэ факта ўтвараць надзвычайны стан – натуральнае права суверэна, водле Карла Шміта.
Але надалей градус палітычнай неадэкватнасці і ўседазволенасці расце, як у алкаголіка з павелічэннем дозы. Далей можна
— ўломвацца ў пакой суседзяў, каб выцягваць адтуль за валасы сваіх дамашніх са словамі “у вас было незачынена” (іншымі словамі, прымусова саджаць унутрыеўрапейскі авіяборт Ryanair),
— кідаць ім у вокны камяні і кацінае лайно, бо асуджаюць і хаваюць у сябе ахвяр, і не хочуць вітацца ў пад’ездзе (то бок ствараць ім гібрыдную атаку штучна створаным натоўпам эканамічных мігрантаў з Усходу),
—падсаджвацца на наркату (ці даваць метадон дзецям мігрантаў, каб тыя не шумелі пад час гібрыднай атакі, а пасля казаць у інтэрв’ю CNN – не дакажыце!),
— пагражаць смерцю тым, хто не паважае (альбо казаць у бок літоўцаў і палякаў “Беласток наш” і “Вільня наша”, а ў бок Украіны – што гэта тэрыторыя падрыхтоўкі тэрарыстаў і мы гатовы яе “нармалізаваць” разам з расійскім братам).
Гэта ўсё ўчынкі суверэннай улады, якія далёкія нават ад прынцыпаў Realpolitik – стратэгіі цынічнай і любімай бюракратамі і палітыкамі-папулістамі, але прынамсі заснаванай на пэўным прагматычным разліку. Калі палітычны прагматызм замяняе маральныя каштоўнасці паказальнікамі эфектыўнасці, то палітычны дэлірый стварае на месцы маральных каштоўнасцяў і правіл гульні чорную дзіру, у якую правальваецца сацыяльнасць. Так разбураецца той сацыяльны кантракт, які ляжыць у аснове любога грамадства, калі верыць Томасу Гобсу ці Джону Локу. Дзяржава спачатку страчвае частку сваіх атрыбутаў у вачах грамадзян: яна перастае ўспрымацца як “свая”, любыя яе ініцыятывы ўспрымаюцца як варожыя і вартыя ўнікання. Потым надыходзіць час масавых грамадзянскіх непавінавенняў, альбо нават узброенага паўстання, калі людзі не гатовыя талераваць аніводзін нелегітымны “закон”. У зваротным выпадку на месцы дзяржавы паўстае канцлагер.
У чым не мае сёння рацыі Карл Шміт, дык гэты ў тым, што суверэн і надалей застаецца ў праве быць гаспадаром надзвычайнага становішча, якое ён можа і хоча ўсталяваць. Міжнароднае права, хаця і доўга тапталася на месцы, зрэшты пераходзіць да прынцыпаў, якія ўжо імплементавала ювенальная юстыцыя ў многіх краінах Еўропы. А менавіта, хатні гвалт ці здзекі над дзецьмі – не з’яўляюцца прыватнай справай прыватнай гаспадаркі, гэта сацыяльна небяспечная з’ява. Бацька-алкаголік, які збівае сваю сям’ю, робіцца аб’ектам прававых дачыненняў, дзе грамадства становіцца на абарону парушаных правоў. На міжнародным узроўні мы таксама назіраем павольны, але зрушаны з мёртвай кропкі (у тым ліку і беларускімі падзеямі) працэс пераходу ад прынцыпу cujus regio ejus dextra (у каго гаспадарства – у таго і рацыя) да прынцыпу jus supra potestatem (права вышэй за сілу). І гэта дае надзею, што ў бліжэйшы час мы станем сведкамі з’яўлення міжнародных прынцыпаў права, што будуць забараняць аўтакратычным і таталітарным суверэнам захоўваць прынцып неабмежаванай улады над сваёй тэрыторыяй і насельніцтвам. У іншым выпадку сучасная нам палітыка так і застанецца палітыкай хатняга гвалту малаадэкватных суверэнаў у стане палітычнага дэлірыя.
Оформление — “Добрай ранiцы, Беларусь!” Владимира Цеслера (2021; источник).