Павел Баркоўскі


Ці магчыма разважаць пра псіхапатызацыю грамадскага жыцця? Сёння беларусы нервова-іранічна каментуюць той стан біпалярнага расстройства, які авалодвае масамі. Настрой сярэдняга чалавека вагаецца паміж скрайнасцямі: “Мы ўжо перамаглі!” і “Нас усіх расстраляюць!” Вядомы беларускі аўтар Альгерд Бахарэвіч падсумаваў гэтае назіранне ў саркастычным выказванні “Мы ўжо перамаглі, і за гэта нас расстраляюць!” Гаворка тут відавочна не ідзецца пра тое, што нейкі псіхічны стан можа авалодаць калектыўным суб’ектам: нацыяй, народам ці асобным грамадствам. Хутчэй пра тое, што у пэўных грамадскіх стасунках дамінуе пэўны тып інвестыцый у той ці іншы стан псіхікі індывідаў, што змушана рэагуе на абставіны знешняга ціску.

Галосна пытанне пра сацыяльны ціск на псіхічнае і магчымасць псіхапаталагізацыі цэлых грамадстваў у свой час узнялі ў сваёй працы “Анты-Эдып. Капіталізм і шызафрэнія” французскія інтэлектуалы Жыль Дэлёз і Фелікс Гваттары. Апошні, дарэчы, псіхатэрапеўт. Аналізуючы новыя межы псіхааналітычнага досведу, яны знаходзяць сябе перад пытаннем: “Ці слушна ў такім разе казаць, што шызафрэнія – гэта прадукт капіталістычнай машыны ў тым самым сэнсе, у якім дэпрэсіўная манія і паранойя – гэта прадукт дэспатычнай машыны, істэрыя ж – прадукт машыны тэрытарыяльнай?” Паводле іх меркавання сучасныя грамадствы патрабуюць новых метадалагічных сродкаў іх асэнсавання, якім для іх робіцца ўласны праект шызааналізу.

Адным з яго галоўных тэзісаў робіцца развядзенне двух палюсоў грамадскіх лібідынальных інвестыцый – паранайяльнага (рэакцыйнага і фашысцкага, па сутнасці) і шызоіднага (рэвалюцыйнага). З псіхааналітычнага пункту гледжання свабодная псіхічная энергія, якая назапашваецца ў лібідынальных (чытай сексуальных/сублімавана сексуальных) патоках, можа быць выкарыстана для пэўнай персанальнай ці сацыяльнай трансфармацыі (інвеставання). Гэту псіхічную энергію мы можам інвеставаць у сваю дзейнасць і яе прадуктыўнасць на розных этапах, а можам перакінуць у дарэмную трату, псіхічнае расстройства. Грамадствы пэўных тыпаў стымулююць індывідаў да таго, каб яны трацілі сваю энергію не ў прадуктыўным, а менавіта псіхапаталагічным напрамку. Адным з найбольш яскравых прыкладаў такой грамадскай сістэмы з’яўляецца для французскіх мысляроў грамадства дэспатычнага тыпу, на чале якога знаходзіцца важак-параноік.

Пры гэтым, што істотна, інвестыцыі псіхічнай энергіі могуць адбывацца як на свядомым, так і на падсвядомым узроўні, што дазваляе аднаму і таму ж індывіду ажыццяўляць свядомае рэвалюцыйнае інвеставанне з падсвядомым фашысцкім ці рэакцыйным унёскам, гэтаксама як і наадварот.  Гэтыя працэсы могуць адбывацца паралельна і відавочна не адсочваюцца напрамую самім чалавекам. Грамадства дэспатычнага тыпу ўкладаецца ў фармаванне патоку падсвядомых рэакцыйных інвестыцый індывіда, яго паранаідальную псіхапатызацыю. Важак-параноік спрабуе пераносіць свой стан на ўсё падуладнае яму грамадства і фармаваць паталагічныя сацыяльныя працэсы, якія будуць утварацца маніякальнай прагай да парадку і ўніфікацыі, вылягчэннем жыцця выключна да спрошчаных сярэдніх узораў мыслення і паводзін, глабальным страхам і падазронасцю, пошукам ворагаў і здраднікаў. У найбольш канцэнтраваным выглядзе беларусы перажываюць гэты паток з восені 2020 г., калі дзяржаўны паранайяльны комплекс (ДПК) запрацаваў на ўсю моц для татальнай псіхапатызацыі грамадства.

Усеабдымнасць рэпрэсій, баналізацыя гвалту і катаванняў, поўнае ігнараванне законаў і логікі здаровага сэнсу – гэта дзейсныя інструменты ўціску на індывіда, якія не дазваляюць таму знайсці надзейную абарону ад калектыўнага агрэсіўнага суб’екта і змушаюць пераймаць яго рэакцыі на падсвядомым узроўні: замест салідарнасці страшыцца навакольных людзей, падазраючы ў іх ціхароў і агентаў, звышэмацыйна рэагаваць на любыя правалы ці затрымкі на шляху эмансіпацыі грамадства, укладаць сацыяльнае ў стэрэатыпныя схемы. Падобныя паводзіны пачынаюць цяпер вызначаць псіхалагічны партрэт вялікай колькасці тых, хто свядома абірае ідэалогію пратэсту, патрабуе рэвалюцыйнага змянення грамадскіх формаў жыцця і пераарыентацыі патокаў жадання.

Сама ж беларуская улада, спрычыняючы падобны каласальны псіхалагічны ўціск на грамадства, таксама не застаецца ў баку ад наступстваў падобных патокаў. Яе дыягназ шызафрэнічнага псіхозу параноіднага тыпу робіцца ўсё больш і больш акрэсленым і маніякальным. З аднаго боку неўтаймаваная фантазія і трызненне, якія прадукуюць патокі наўпростай хлусні і фальсіфікацый, што могуць супярэчыць вядомым фактам. Прыкладам, навязлівае жаданне замацаваць повязь гістарычнай нацыянальнай сімволікі са злачынствамі нацыстаў за часамі другой сусветнай вайны, ігнараванне небяспекі каранавіруснай пагрозы з адначасовымі закідамі ў бок міжнароднай супольнасці пра недастатковасць медычнай падтрымкі (насамрэч, не) – сведчаць пра далейшае нарастанне маніякальных перакананняў і парушэнне прычынна-лагічных ланцужкоў. У гэтае кола ўцягваецца не толькі цэнтр улады, чыноўнікі і ідэолагі розных гатункаў, але і перыферыйнае кола аналітыкаў і паліттэхнолагаў, якія тую ўладу абслугоўваюць. Яны таксама мусяць верыць ці ўдаваць, што вераць і падзяляюць на рацыянальным узроўні гэтае шызафрэнічнае трызненне.

З іншага боку, гэта маніякальная падазронасць і страх за сваё жыццё. Ніколі яшчэ беларуская ўлада не адчувала сябе настолькі безабароннай. Схаваная за 200 тысячнай паліцэйскай і армейскай заслонай яна трызніць пра сваё магчымае паражэнне ад рук змоўшчыкаў, атакі снайпера, тэрарыстычных выбухаў, кіднэпінгу і катаванняў у гомельскім склепе, прарыву баявікоў на 150 джыпах з літоўскай мяжы. Ніколі яшчэ не было столькі экстрэмістаў і тэрарыстаў па той бок апазіцыі да беларускай улады. Гэты татальны страх губіць і душыць саму тую сістэму, якая яго спараджае, ён змушае (прынамсі на ўзроўні фантазіі) ўжо ўяўляць і рабіць нармальным гвалтоўны і бясслаўны канец дэспатыі. Тыранія баіцца за сваё жыццё і зрэшты само матэрыялізуе прадмет сваіх страхаў. Пагатоў для вынясення актуальнага дыягнозу гэтай уладзе хопіць таго, што галоўным змоўшчыкам супраць нелегітымнага прэзідэнта афіцыйны дыскурс абвяшчае былога ўрача-псіхіятра, што калісьці паставіў дыягназ мазаічнай псіхапатыі Лукашэнку, Дзмітрыя Шчыгельскага. Сапраўдны бунт пацыентаў псіхлякарні супраць галоўнага ўрача, нібы ў новай экранізацыі “Stonehearst Asylum”.

Што ж застаецца рабіць пры такім раскладзе грамадству, чыя прага да зменаў заціскаецца і прыгнячаецца параноідна-рэакцыйнымі і фашысцкімі інвестыцыямі з боку дэспатычнай дзяржавы. Паводле рэцэпту, прапанаванаму нам класікамі, індывіду застаецца стратэгія ўнікання і пераскіравання падсвядомых інвестыцый жадання у рэвалюцыйны бок, перакройваючы інтарэсы прыгнечаных класаў на анты-эдыпальны (адваротны параноіднаму тыпу суб’екта) кшталт. На захады ўладнай істэрыкі, галюцынацый і прапаганды стабільна адказваць: “не, я не з вашых, я звонку, па-за тэрытарыяльны, “ніжэйшай расы кожнай вечнасці… жывёла я. я негр””. Салідарны прарыў патокаў жадання магчымы праз свядомае незалучэнне ў дыскурс улады, праз вывядзенне сябе за межы, ідэнтыфікацыю з усім прыгнечаным і зняважаным – нацыянальнай мовай і культурай у той жа ступені, як і з змагарамі за правы жанчын ці геяў, анархістамі і крэатыўнымі класамі. Твар беларускай рэвалюцыі шызафрэнічны, ён залучае масу непадобных адзін на аднаго людзей, якія вучацца талераваць каштоўнасці адзін аднаго, разам выступаць супраць гвалту і прымусу, і разумеюць, што няма чужых праблем. Кожная праблема тычыцца кожнага.


Фотография В. Цеслера (2021; источник).