Павел Баркоўскі

Беларусь на кароткі час зрабілася топ медыя-падзеяй для ўсяго сусвету. Яна менш дэпрэсіўная, чым навіны пра каранавірус, і больш натхняльная для прыхільнікаў дэмакратыі, якія мелі шмат нагоды для песімізму праз расквітнеўшы правы папулізм. Таму цяпер яна тэма для шматлікіх выказванняў і абмеркаванняў. Нават вядомы спікер левых інтэлектуалаў Славой Жыжэк мусіў выказацца пра сваё бачанне падзей у Беларусі. Але, на дзіва, нямоцна, як для яго рэпутацыі. Фактычна прадэманстраваўшы кепскае веданне прадмету размовы і карыстанне пэўнымі канцэптуальнымі штампамі.

Калаж: Жыжэк думае пра Беларусь

Па-першае, наконт “даганяльных пратэстаў”, якія спрабуюць далучыць Беларусь да заходніх ліберальных каштоўнасцяў. Такая крытыка была б да месца ў 2006 ці 2010 гг., калі апазіцыйная частка грамадства ў Беларусі сапраўды імкнулася адчыніць “акно ў Еўропу” і падтрымлівала адпаведную рыторыку. Цяпер павестка зусім іншая. Людзі стаміліся ад рэжыму бестэрміновага кіравання аднаго чалавека, рэжыму хлусні, страху і гвалту, гэта больш не апазіцыя, яны ўважаюць сябе за народ. І яны не імкнуцца ані на Захад, ані на Ўсход, што публічна падкрэслівае новы нацыянальны лідар Святлана Ціханоўская. Для даведкі, у Беларусі ўвесь час найбольш моцныя еўраскептычныя настроі ў рэгіёне: падтрымка ідэі інтэграцыі з ЕЗ не перавышае звычайна 25% насельніцтва. Вы мяркуеце, рабочыя беларускіх прадпрыемстваў і заводаў ідуць страйкаваць дзеля прыходу большага капіталізму, што яны атручаныя нейкай ліберальнай прапагандай, спадар Прафесар? Што студэнты, і спартсмены, дзеячы культуры, айцішнікі і служачыя пратэстуюць проста, каб стаць часткай ліберальнага свету? Вы сур’ёзна? Гэта грамадзянская рэвалюцыя, жаданне “людзьмі звацца”, дамагчыся сваіх канстытуцыйных правоў – абіраць сабе кіраўніцтва, не быць ахвярамі гвалту і катаванняў, магчы самастойна будаваць сваю краіну.

Па-другое, прафесар Жыжэк піша пра цуды беларускай эканомікі, пра яе стабільнасць і адсутнасць карупцыі, якія забяспечвалі вялікую папулярнасць Лукашэнку, прынамсі ў мінулым. Вы сур’ёзна, спадар Жыжэк? Сур’ёзна лічыце ўменне перапрадаваць танную расійскую нафту за эканамічны план, а гандаль суверэнітэтам за дзелавую хватку?  Вы лічыце паспяховай эканоміку, якая за апошнія дзесяць год падняла свой ВУП ўсяго на 11%, увесь гэты час беспаспяхова змагаецца за сярэдні заробак у эквіваленце 500 даляраў ЗША па краіне і можа мець лепшыя паказальнікі развіцця хіба ў параўнанні з Украінай, якая страціла частку тэрыторыі, працоўнага насельніцтва і вядзе неабвешчаную вайну з Расіяй? Вы дарма лічыце Беларусь гэтакім рэліктам сацыялізму, які абуджае вашу настальгію па СССР як страчанай Атлантыдзе левых інтэлектуалаў. Гэта дзяржаўны капіталізм, з вельмі жорсткай кантрактнай сістэмай, монаалігархічным капіталам і рудыментамі сацыяльнай дзяржавы – часткова бясплатнай медыцынай і адукацыяй. Няма карупцыі? Праўда ў тым, што толькі праз інтэнсіўнае ўзаемадзеянне з міжнароднымі структурамі краіна здолела панізіць свой рэйтынг карупцыі з 119 месца ў 2012-14 гг. да 66 месца ў 2019 г. і гэта на 26-м годзе кіравання Лукашэнка.

Вы кажыце дэмакратыя страціла свае ідэалы і цяпер сама не ведае, куды ёй крочыць, што капіталізм ужо не такі прадказальны як раней і пераходзіць у сваю найноўшую фазу. Усё гэта так, я таксама люблю карыстацца тым жа паняццем постпалітыка, як і вы, у намаганні патлумачыць імітацыйныя стратэгіі палітычнага і скажэнне гэтай сферы на глабальным узроўні. Але праўда ў тым, што ўлады Беларусі спрабуюць працягваць жыць у сваім сімулякры, які цалкам ужо адарваўся ад рэальнасці. І яны спрабуюць сілай пераканаць беларускіх грамадзян, што іх хворыя аўтарытарныя фантазіі – гэта наш калектыўны фантазм. Але пратэст у Беларусі не за правых і не за левых, ён за новую праўду. Не пост-праўду, а яе антыпод. За права на выхад з матрыцы. Не трэба гэта заганяць у клішэ “новы Кіеў”, гэта не “даганяльны пратэст”, не іншыя стэрэатыпы – кшталту альтэрнатывы “ліберальных” і “рэальных” пратэстаў. Гэта пошук свайго шляху да будучыні.

Графік 1. Беларусь. ВУП на душу насельніцтва. Крыніца
Графік 2. Тэмп прыросту ВУП, у сталых коштах %. Крыніца

Непрыемная праўда ў тым, што цяпер ані левыя, ані правыя інтэлектуалы не маюць дакладнай стратэгіі будучыні і ім цяжка нешта прапанаваць як пралетарыяту, так і прэкарыяту. Левыя інтэлектуалы адмаўляюцца ад ідэі дыктатуры пралетарыяту і разумеюць, што цяжка знайсці альтэрнатыву дэмакратыі як форме грамадскага існавання. Можна толькі пагадзіцца з Шанталь Муф, што такая дэмакратыя неабавязкова мусіць быць ліберальнай, але абавязкова дэмакратыяй. Людзі абуджаюцца, каб вярнуць свае грамадзянскія правы, яны будуюць гарызантальныя сувязі, новыя сеткавыя мадэлі салідарнасці. Гэта больш анархічны пратэст па сваёй сутнасці.

І апошняе. Прафесар Жыжэк піша, што беларусы аднолькава павярхоўна ставяцца да пагрозы каранавірусу і таму яны малайцы. Што найлепшая сацыялістычная медыцына дае добры адказ на падобныя пагрозы без неабходнасці лок-даўну. Вы сур’ёзна? Праўда ў тым, што рудыментная пост-савецкая сістэма медыцынскага забеспячэння сапраўды дала рады ў належнай колькасці медпарсаналу і бальніц, але выявіла поўны калапс забяспечанасці – з марлевымі павязкамі замест рэспіратараў і парай апаратаў ШВЛ на рэанімацыю. Што нізкая статыстыка смяротнасці ад кавіду ў Беларусі не цуд, а загад міністэрства Праўды, якое прадпісвае праводзіць менш тэстаў і пісаць іншыя прычыны смерці. Што і выяўляюць рэальныя лічбы смяротнасці паводле афіцыйнай статыстыкі ААН. Вы сапраўды хочаце медыцыну, якая не спраўляецца з сваімі абавязкамі без масавай салідарнай падтрымкі грамадзян, якія ўзялі гэты абавязак на сябе – забяспечваць свае бальніцы сродкамі  абароны і займацца самаізаляцыяй? Вы сапраўды за медыцыну, якая стварае прыгожую карцінку, проста фальсіфікуючы дадзеныя? Вы не бачыце на пратэстоўцах масак і лічыце, што яны забыліся на каранавірус? Проста, калі вас гвалцяць і катуюць у турмах, калі людзі знікаюць, затрыманыя невядомымі ў масках, вы сур’ёзна лічыце, што нам трэба заставацца дома і непакоіцца пра пандэмію? Гэта пра тое, што не трэба бачыць свет ва ўтульных схемах разважання. Беларусь не Україна, не Лівія, не Егіпет і не Грузія. А глабальнаму свету сапраўды час задумацца, куды ён крочыць далей.


В оформлении использован элемент работы Владимира Цеслера (2020; источник: ФБ-страница мастера).